Новости
30.09.2014

BelMetal: Рэаліі і перспектывы фолк-музыкі

Сваім меркаваньнем наконт трансфармацый, што адбываюцца з фолк-музычнай спадчынай і традыцыяй, падзеляцца з намі прадстаўніцы прыгожай паловы беларускай і замежнай сцэны, цудоўныя дзяўчыны-музыкі, якія маюць непасрэднае дачыненьне да стварэньня фолк- і каляфолкавых праектаў.

Як Вы ставіцеся да ўзьнікненьня такіх музычных стыляў, як фолк-метал, дарк-фолк, электрык-фолк, фолк-панк, неафолк?.. Асабіста Вы распачыналі творчы шлях зь якіх-небудзь іншых стыляў, толькі потым дадаючы ў сваю музыку элементы фолку, ці, наадварот, пачаўшы з народнай музыкі, перайшлі на іншыя напрамкі? На Ваш погляд, якія зьмены будуць адбывацца з фолк-музыкай у далейшым? Ці ня зьнікне наогул у выніку аўтэнтычны фальклор у чыстым выглядзе?

Марыя Шарый (вытанчанае флейтавае гучаньне “Старога Ольсы”):

- Фальклорная музыка, адшліфаваная стагодзьдзямі, стала настолькі універсальнай, што можа спалучацца абсалютна з усімі стылямі музыкі. І ў гэтым яе ўнікальнасьць. Лічу абсалютна нармальным працэсам у 21 стагодзьдзі ўзьнікненьне гуртоў, якія выкарыстоўваюць фольк і спалучаюць зь неспалучальным на першы погляд. Па-першае, гэта творчасьць, якая ўзьнікае незразумелым шляхам, зь неба, па-другое, гэта спроба вызначыць ці пазнаць сябе глыбей. Паважаю фольк-метал і іншага роду гурты за іх, так бы мовіць, асьветніцкую дзейнасьць: яны захоўваюць традыцыйную музыку і далучаюць да яе іншых (асабліва моладзь). Магчыма, хтосьці ўпершыню пачуўшы фольк-металёвы гурт, адкрыў для сябе вялікую скрыню фолькавай культуры, тым самым узбагаціўшы сябе і адчуўшы, хто ён ёсьць і адкуль. Сама творчасьць такіх гуртоў зьяўляецца больш цікавай і адметнай на фоне проста металёвых ці панкавых. За кошт выкарыстаньня народных мелодый, сьпеваў, інструментаў і густоўнага спалучэньня такі гурт становіцца цікавым для іншых краін. А што можа быць прыемней за гастролі па усім сьвеце?)
Для мяне фольк у чыстым выглядзе – гэта “музей”, проста матэрыял. Матэрыял, зь якім трэба працаваць, прапускаць празь сябе, тады можна выдаць жывую музыку. Шчыра кажучы, не магу слухаць больш за 2-3 песьні ў выкананьні гуртоў аўтэнтычнай музыкі, ня кажучы ўжо пра калектывы самадзейнасьці з рэпертуарам “гоп-ца-ца” пад чарку і шкварку. І мне здаецца, непадрыхтаванаму слухачу гэта падаецца сумным і незразумелым, асабліва гараджаніну, які не разумее сялянскіх песень пра цяжкую жаночую долю, жніво і штодзённую працу ў полі. Калі гэта зьяўляецца часткай абраду ці нейкага дзеяньня, дзе мУзыка дапаўняе і стварае эмацыйны настрой, то ў такім разе гэта смачны пірог. Таму ўзьнікненьне рознага роду зьмешаных музычных гуртоў лічу наступным этапам эвалюцыі фолькавай музыкі. У гэтым плане лічу вартай увагі сьпявачку Русю зь яе рознымі праектамі, асабліва апошнім Shuma. Паказальным працэсам такога разьвіцьця фолькавай музыкі лічу фестываль “Камяніца”, прыхільнікаў якога з кожным годам становіцца ўсё больш.
Аўтэнтычны фальклор у чыстым выглядзе ня зьнікне, дзякуючы аматарам, фалькларыстам, навукоўцам.

Тэкст цалкам: belmetal.org