4 ліпеня кавярня “Бітлджус” сабрала аматараў знакамітай чацвёркі Джона Ленана на міні-фестывалі The Beatles, куды “Стары Ольса” быў запрошаны ў якасці спецыяльнага госця. Пасля паспяховых кавераў на легендарных Metallica, Deep Purple i Red Hot Chili Peppers гурт вырашыў выканаць хіты The Beatles. На фестывалі прагучалі інструментальны варыянт “Ob-La-Di, Ob-La-Da“, “Yellow Submarine“, камерны варыянт “Yesterday” і “A Hard Day’s Night” з глыбокім вакалам Алеся Чумакова.
Кожная кампазіцыя была пададзеная музыкамі з незвычайнай прадгісторыяй ў завуаляванай форме. Так, “Yellow Submarine” была прысвечаная Леанарда да Вінчы, які быў вынаходнікам розных рэчаў, у тым ліку падводных механічных апаратаў, “Yesterday” – каралеўскаму астраному, а “A Hard Day’s Night” распавядала пра цяжкі вечар карчмара. Старыя рокеры і іншыя фанаты “Бітлз” з цікавасцю і ўсмешкамі слухалі медыевальны варыянт, адкрыўшы для сябе іншае гучанне іх улюбёнага гурта. Што ж, “Стары Ольса” мае густ! І нягледзячы на шматлікія пажаданні прыхільнікаў творчасці “ольсаў” выдаць альбом кавераў, музыкі ўзімку запішуць новы альбом старадаўніх песень Вялікага Княства.