Навіны
13.01.2014

Сяргей Філімонаў: Стары Ольса, альбом Santa Maria

"Не чакаў, што да тых 2-х песень і шматлікіх (але такіх розных!) інструментальных кампазіцыяў я здолею вяртацца неаднойчы".

Пазаштатны эксперт праекта experty.by Сяргей Філімонаў пра альбом Santa Maria.

Амаль кожны меламан цешыцца з таго, што слухае самую разнастайную музыку ў любых стылях ды кірунках. Таксама не сакрэт, што ў кожнага слухача маецца свой узровень, да якога ён "дарос", ці на якім з захапленнем спыніўся. Акром таго існуюць пэўныя спалучэнні гукаў, якія рэзануюць з табою заўжды. У дзяцінстве, калі нешта такое чуеш упершыню. І ў сталым узросце, калі ўжо шмат чаго ведаеш. І разумееш, што тыя дзіцячыя ўражанні – толькі выспа ў бязмежным акіяне.

У прыватнасці для мяне музыка гурта "Стары Ольса" ёсць адною з тых самых выспаў. Я літаральна забыўся на савецкія вакальна-інструментальныя пошукі, калі ў свой час пачаў слухаць Genesis, Yes, Pink Floyd, асабліва ж Jethro Tull ці Steeleye Span. Цікавіла рознае, ад Judas Priest да Chick Corea, але сярэдневяковая музыка з "той самай выспы" заўжды закранала чуллівую струну ў душы, адгукалася чымсьці на ўзроўні падсвядомасці. Зразумела, музыкі-прадстаўнікі гэтак званай "кентэрберыйскай школы" дасюль займаюць пачэснае месца ў маёй аўдыё-калекцыі.

І што "Санта Марыя" Старога Ольсы? Спачатку мне не хацелася слухаць гэты запіс з прычыны, што трэба было напісаць пра яго нешта. Я думаў: наўрад ці мяне здзівіць чымсьці НАШ мясцовы гурт, які грае ў адным з улюбёных кірункаў. Нарэшце праслухоўванне адбылося, і…? Мяне не абразіла нішто. Шчыра кажучы, я не чакаў такога ўзроўня дасканаласці ды такой глыбіні.

Не чакаў, што да тых 2-х песень і шматлікіх (але такіх розных!) інструментальных кампазіцыяў я здолею вяртацца неаднойчы. І тое вяртанне толькі адкрые новыя фарбы, зробіць кружэлку нават неабходнай… З аднаго боку, існуе тэорыя пра "генетычныя коды"… Можа, акурат яна тлумачыць гэткі рэзананс душы з еўрапейскаю сярэдневяковай музыкаю? Любой, беларускай жа – асабліва.

Нават нарадзілася думка: гэты альбом можна прыняць як лакмусавую паперку на наяўнасць старажытнай беларушчыны, ці, увогуле, еўрапескасці ў тваім генетычным кодзе… Так ці не, але ў адрозненне ад ўсяго таго, што тоўпіцца цягам апошніх гадоў на конкурсе-самадзейнасці "Е-Бачання", пра музыку "Старога Ольсы" з альбома "Санта Марыя" можна сказаць: "Гэта – сваё, наша, беларускае!"

Ацэнка: 9 з 10

Рецэнзіі "штатных" экспертаў на гэты альбом і паслухаць яго вы можаце тут

experty.by