Як сапраўдны знаўца ён адказваў на пытанні пра сучасны стан сярэднявечнай музыкі ў Беларусі, каментаваў, крыху аналізаваў, крытыкаваў… А распачалася гаворка з найбольш актуальнага – з гісторыі стварэння новага альбома «Santa Maria», які ўхвальна прымаецца як слухачамі, так і музычнымі крытыкамі.
– Чаму ж гурт «Стары Ольса» пяць год маўчаў, а тут вырашыў выйсці з альбомам?
– Гэта абсалютна натуральны працэс. Некіруемы. Сказаць, чаму музыкі маўчаць, а потым запісваюцца, – цяжка. Акрамя тых музыкаў, у якіх падпісаны кантракты і яны вымушаны выконваць свае абавязкі. Так атрымалася, што ў нас не было абавязкаў. Мы займаліся засваеннем новага матэрыялу і потым яго абыгрывалі на канцэртах. Праз некаторы час натуральным чынам утварылася праграма, незапісаная нідзе і ніколі, якую з’явілася жаданне запісаць.
– І гэты альбом вы лічыце паспяховым для «Старога Ольсы»? Альбо былі лепшыя часы?
– Што датычыць якасці запісу – адназначна паспяховы. Што датычыць выбару матэрыялу – паспяховы, таму што мы самі адбіралі гэты матэрыял. І зноў жа, у працягу апошніх год васьмі, гэта ўсё ў асноўным «Полацкі сшытак» («Полацкі сшытак» – знакаміты зборнік барочнай музыкі. – Заўвагі аўтара). Паспяховы, таму што мы засвоілі яшчэ дзве рэлігійныя песні – гэта «Ave Maria» і «Маці Каралева». І нарэшце, паспяховы ён таму, што мы самастойна вырашалі якасць і падрыхтаванасць да запісу. Думаю, любы ўдзельнік гурта «Стары Ольса ацэньвае яго як паспяховы.
– Альбом рабіўся без прадзюсараў, без спонсараў – на ўласны сродкі. Наколькі гэта складана на сёння нават такому слыннаму гурту як «Стары Ольса» запісаць альбом самім?
– Слыннасць у нашай краіне не азначае фінансавых здольнасцяў. Слыннасць у сферы поп-музыкі, напэўна, азначае нейкія фінансавыя прыбыткі. Слыннасць, у стылі, які толькі ўтвараецца на Беларусі, у стылі медываль – у стылі сярэднявечнай музыкі, яшчэ не азначае фінансавага поспеху. Таму запісаць самастойна альбом – гэта каштавала намаганняў самім удзельнікам гурта. Намаганні былі, канешне, моцныя, але мы ўсё ж такі выстаялі і пры прапановах розных прадзюсараў і спонсараў удзельнічаць у гэтым альбоме усё ж такі дарабілі яго да канца самі. Нягледзячы на тое, што частку матэрыялу давялося перазапісваць двойчы, частку – тройчы, а ўвесь матэрыял давялося перазводзіць нанова ў іншай студыі.
– Такім чынам, на алтар музыкі вы паклалі сур’ёзную ахвяру і атрымалі значны вынік…
– Мы паклалі ахвяру на алтар уласнагых творчагых памкненняў. Сказаць, што гэта алтар музыкі… Наўрад ці. Я лічу: кожны музыка робіць тое, што ён робіць, не з амбіцыі, а з памкнення зрабіць тое, чаго ён не чуе звонку. Я шмат разоў паўтараў ужо: калі б такі гурт як «Стары Ольса», такога стылю, стюлю медываль, існаваў у Беларусі да 90-га года, то ніколі б у мяне не ўзнікла ідэя арганізаваць такі гурт. Пры тым што я сабраў дастаткова вялікую калекцыю старых і народных інструментаў, я б быў шчырым фанатам такога гурта. Паспяховага, які з густам аднаўляе нашую старую музыку. А неабходнасць граць такую музыку ўзнікла толькі таму, што такога гурта не было. Класічныя гурты, які граюць музыку Барока, нават глыбей – Рэнесанса, але на інструментах, якія ўзніклі на стагоддзе, на два пазней, я не бяру ва ўлік. Таму што гэтыя інструменты – класічныя, на якіх людзі вучацца граць у афіцыйных музычных установах і не набіраюцца намаганняў засвоіць інструменты, якія з’яўляюцца аўтэнтычнымі для эпохі Барока і Рэнесанса. Тое, што «Полацкі сшытак» ужо выконваўся на пачатку 90-х гадоў, але не на аўтэнтычных інструментах сваёй эпохі, нельга браць ва ўлік.
– Назва новаму альбому дадзена па назве адной з дзвюх духоўных песняў? Чаму так, чым гэта абумоўлена?
– Хацелася б падкрэсліць, што дзве духоўныя песні – гэта «Заспявай Адзінай Панне» (або «Ave Maria» – Заўвага аўтара) і «Маці Каралева». А «Санта Марыя» – рэфрэн песні «Маці Каралева». А мы назвалі альбом так, бо «Полацкі сшытак» быў зборнікам музыкі, якая ігралася пры касцёле падчас рэлігійных і нерэлігійных мерапрыемстваў – зборнікам рэлігійнай і свецкай музыкі. У прынцыпе, можна сказаць, што «Санта Марыя» – другая назва песні «Маці Каралева». Але выбар, напэўна, залежаў ад памкнення зрабіць зразумелай назву гэтага альбома сучасным слухачам. Таму што «Санта Марыя» – гэта брэнд, брэнд рэлігійнай каталіцкай музыкі. І патлумачыць, што мы ўклалі ў сэнс гэтых дзвюх рэлігійных песняў, лягчэй было назваўшы альбом гэтым брэндам, усім зразумелым.
– Зміцер, на адной з прэзентацый альбома вы зазначылі, што «Santa Maria» – толькі першая частка вялікай праграмы, а запіс другой часткі запланаваны на восень 2014 года… Што ж чакаць слухачам ад «Старога Ольсы» далей?
– Я б сказаў, што гэта не дзве часткі адной праграмы, але абсалютна дзве розныя праграмы. Так атрымлася, што за пяць год мы развучылі шмат і інструментальных, і вакальных кампазіцый. Але ў гэты альбом мы ўключылі тое, што датычыць XVI-XVII стагоддзяў і замкава-палацавай культуры. Тое, што мы адрэпетавалі і развучылі, што не ўвайшло ў гэты дыск, – гэта застольныя спевы рыцарскага асяроддзя, куды ўваходзяць песні рознага кшталту. Напрыклад, песня застольная, якую мы ўжо выконваем, – «Пекна ёсць кола рыцэрска». Таксама «Балада пра заснаванне Вільні» Мацея Стрыйкоўскага. Таксама ўрывак з «Песні пра зубра» 1529 года Міколы Гусоўскага, які ён пазычыў з «Пахвалы Вітаўта», перапрацаваў і выклаў на латыні. Дык вось пераклад гэтай латыні на беларускую і ёсць урывак, які мы развучылі. Даволі вядомую песню «А дзе ж тыя ваяры?» мы сыгралі па-свойму – тую, што «Камелот» калісьці іграў. Мы атрымалі дазвол на гэта.
Асобна варта сказаць пра песню на твор Мацея Стрыйкоўскага пра тое, як князь Давыд Гарадзенскі арганізаваў карны паход у глыб нямецкіх тэрыторый у помсту за паходы крыжакаў на тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага. Гэта такая вельмі славутая ў Сярэднявеччы, для вернікаў – ганебная, гісторыя. Сам Мацей Стрыйкоўскі і другі храніст Пётр з Дусбурга сцвярджаюць, што ганебна так было сябе паводзіць. Але Давыд Гарадзенскі сабраў, так бы мовіць, «спецназ» беларускіх рыцараў і гэтым атрадам пайшоў на Франкфурт, каб паказаць, што не толькі нямецкія рыцары могуць хадзіць на Вялікае княства Літоўскае, але і рыцары Літвы могуць хадзіць на Германію. І там адбылася такая гісторыя. Перабіўшы мужчынаў, яны ўзялі ў палон пяць тысяч маладых жанчын, «фройляйн», і падзялілі іх паміж сабой. І гэта была адпаведная помства, адпаведныя паводзіны нашых рыцараў у Германіі. А потым два рыцары паспрачаліся за тое, чыёй рабыняй будзе самая прыгожая немка. Біцца яны не маглі: дысцыпліна ў войску Давыда Гарадзенскага была высокая. І таму адзін з іх, не вытрымаўшы працяглай, напружанай спрэчкі, выхапіў меч і рассек яе напалам. І сказаў: «Браце, я падзяліў яе на роўныя паловы. Выбірай тую, якая табе найбольш пасуе». Менавіта гэтыя паводзіны былі адпаведным адказам на нямецкія набегі на ВКЛ. Вось такая песня, ну астатняе няхай застанецца інтрыгай…
– Музыка, якую вы іграеце, ужо даволі распаўсюджаная ў Беларусі. Зараз «Стары Ольса» з’яўляецца так бы мовіць штандартам стылю медываль. І мне цікава менавіта вашае меркаванне: наколькі такая музыка развіта ў нас, яе ўзровень задавальняе ці не?
– На Беларусі ўжо шэсць гуртоў, якія граюць такую музыку, граюць паспяхова. Удала граюць. Аднойчы мы выязджалі пяццю гуртамі адразу на фестываль ў замак Ілжа ў Польшчу – такі «беларусі дэсант». Гэта паказала, наколькі развіта гэтая музыка ў нас. Іншае пытанне, што мы да гэтага часу не задаволены ўзроўнем, гэта магло б развівацца і далей. Вельмі мала сур’ёзных даследаванняў, вельмі шмат нязнятага матэрыялу, мала арыгінальных адноўленых тэкстаў… Мне здаецца, што мы толькі напачатку фарміравання руху. Хаця людзі, якія чуюць нас за мяжой, пытаюцца: «У Беларусі гэтая музыка сур’ёзна развіта?».
Я не хачу сказаць, што гэта сур’ёзны акадэмічны накірунак, гэта хутчэй бунтарскі накірунак у сферы музыкі. І акадэмічнымі музыкамі і асабліва крытыкамі акадэмічнай музыкі ўспрымаецца вельмі кепска, таму што мы з’яўляемся нейкімі рэвалюцыянерамі, мы іграем музыку, якую прынята граць у Еўропе на інструментах, уласцівых той эпосе. А гэтыя інструменты не з’яўляюцца зараз акадэмічнымі, на якіх вучаць ад музычнай школы праз музычную вучэльню да кансерваторыі. Іх не вывучаюць. І ёсць сур’ёзнае супрацьстаянне з боку акадэмічных музыкаў. Таму што гэта дылетанцтва. Я не адзін раз чытаў такія крытычныя артыкулы, таму што для іх чалавек, які не вучыўся ў кансерваторыі на нейкім інструменце, з’яўляецца дылетантам.
– Аматарам…
– Аматарам, які грае на гэтым інструменце. Тут вельмі складанае пытанне: а чалавек з вышэйшай музычнай адукацыяй, які засвойвае самастойна нейкі інструмент і выконвае на ім музыку, аўтэнтычную для гэтага інструмента і для гэтай эпохі, чаму ён з’яўляецца аматарам-дылетантам, – не зразумела. Хутчэй за ўсё, у гэтай думцы праяўяецца нейкі нервовы крытыцызм тых, хто не ў стане змяніць становішча і не ў стане выконваць музыку на аўтэнтычных інструментах, хто вымушаны з дзяцінства граць на тых інструментах, якія яму навязалі і якія былі акадэмічнымі. Больш за ўсё мяне ў гэтым становішчы злуе сітуацыя, што ў Беларускай акадэміі музыкі строй лютні, на якой вучацца граць студэнты-гітарысты, абсалютна адпавядае строю гітары. Гэта значыць, што прынцыповая лянота прафесараў і выкладчыкаў музыкі настроіць лютню адпаведна эпосе, а не як гітару, пераўтварае гэты інструмент у разнавіднасць гітары са скарочаным на тры лады грыфам.
– Ну і апошняе. Хацелася б пачуць пажаданне ад Зміцера Сасноўскага для віцебскай культурнай прасторы да калядных святаў…
– Пажанданне простае: не замяняць недахоп адукацыі ці працаздольнасці нейкімі сурагатамі. Лепш за ўсё слухаць нешта ў арыгінале, чытаць у арыгінале, знаёміцца з гэтым і спажываць любую мастацкую спадчыну ў арыгінальным выглядзе.
vitebsk4.me