Скарбы літвінаў. Рэнесанс
Літвіны − даўняя назва беларусаў. Літва − даўняя назва Беларусі. Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ) − дзяржава літвінаў. Вільня − сталіца даўняй Літвы. Скарбы літвінаў − духоўныя каштоўнасці як мясцовага, так і заходнееўрапейскага паходжання.
Рэнесанс − "Залаты век" старабеларускага (літоўскага) мастацтва, пачынаецца ў XVI ст. з шырокага ўзаемапранікнення старабеларускай і заходнееўрапейскай культур і заканчваецца "Патопам" − катастрафічнай вайной сярэдзіны XVII ст.
"Полацкі сшытак" (1, 4, 9, 10) − зборнік прыдворнай камернай музыкі канца XVI − пачатку XVII ст., складзены на Беларусі з папулярных у той час песняў і танцаў як беларускага, так і адаптаванага да мясцовых традыцый заходнееўрапейскага паходжання.
"Бітва пад Воршай" (3) − вайсковая песня XVI ст., напісана ў гонар бітвы пад Воршай (1514). Паводле іншай версіі, песня напісана на замову караля ў 1614 г. на 100-годдзе бітвы пад Воршай. Словы запісаны В. Ластоўскім (1916), музыка народная са збораў Міхала Федароўскага (XIX ст.).
"У каралеўскім войску" (6) − інструментальнае выкананне беларускай вайсковай песні XVI ст., напісанай у гонар вызваленчага паходу на Полацк караля Стэфана Баторыя. Іншая назва: "Стэфан-ваявода".
"Віленскі сшытак" (11) − зборнік прыдворнай камернай музыкі, напісаны невядомым кампазітарам, складзены ў 1600 г. у Вільні. Верагодны аўтар − беларускі кампазітар канца XVI ст. Дыямед Като (5), які жыў і пісаў у Вільні.
"Дубравачка" (13) − інструментальнае выкананне беларускай балады XVI- XVII стст. аб гераічнай смерці жаўнера.
"Рыцар збройны" (16) − рыцарская песня XVII ст. са збораў Міхала Федароўскага (XIX ст.), пакладзеная на тыповую народную мелодыю.