Альбомы

Santa Maria

2013
Слухаць

“Віленскі сшытак” (іншая назва – “Віленская табулатура” ці Tabulatura Vilnensis) – ананімны зборнік п'ес для сольнага (на лютні і аргане) і ансамблевага выканання. Быў складзены ў Вільні ў 1600 г., змяшчае рычэркары, такаты, разнастайныя танцы ўсходне- і заходнееўрапейскага паходжання, апрацоўкі канцонаў і іншых вакальных твораў. Найбольш верагодным аўтарам “Віленскага сшытка” называюць Дыямеда Като (Diomedes Cato, 1560 – пасля 1619).

“Полацкі сшытак” – зборнік барочнай музыкі XVI-XVII стст. (навуковыя назвы – “Астрамечаўскі рукапіс” ці “Рукапіс 127/56 Ягелонскай бібліятэкі”, сучасная архіўная сігнатура 10002). Пасля вайны з нямецкіх запаснікаў у Польшчу трапіў беларускі ўніяцкі служэбнік, які ў 1956 г. паступіў у Бібліятэку Ягелонскага ўніверсітэта (Кракаў). У вокладку гэтага служэбніка быў уклеены нотны рукапіс, які ў 1962 г. знайшоў беларускі прафесар Адам Мальдзіс. Даследаваў рукапіс польскі музыказнаўца Ежы Голас. З таго часу Е. Голас фігуруе ў энцыклапедыях як афіцыйны адкрывальнік рукапіса. Зборнік быў складзены ў вёсцы Астрамечава на Брэстчыне, але належаў полацкаму біскупу, таму атрымаў назву “Полацкі сшытак”. У наш час творы з “Полацкага сшытка” трывала ўвайшлі ў партытуры польскіх і нават нямецкіх музыкаў.

Валянцін Бакфарк (Valentin Bakfark, 1506–1576) – лютніст і кампазітар венгерскага паходжання. Жывучы ў Вільні, стаў адным з самых славутых віртуозаў-лютністаў эпохі Рэнесансу, стваральнікам прынцыпова новай тэхнікі ігры на інструменце, заснаванай на выкарыстанні дасягненняў вакальнай паліфоніі.

Войцех Длугарай (Wojciech Długoraj, 1557 – пасля 1619) – кампазітар і лютніст-віртуоз, у 1583–1585 гг. лютніст караля Стэфана Баторыя. Вядомы сваімі лютневымі п'есамі (віланэламі, фантазіямі і танцамі). Творы В. Длугарая захаваліся ў рукапіснай “Табулатуры Длугарая”, у табулатуры “Thesaurus harmonicus” (1603) і іншых нямецкіх выданнях.

"Llibre Vermell de Montserrat" (у перакладзе з каталанскага “Чырвоная кніга кляштара Мансэрат”) – рукапіс XIV ст., утрымлівае 10 сярэднявечных песняў. Згодна з каментаром укладальніка, падабраныя песні можна выконваць паломнікам, якія спыніліся ў манастыры і маюць жаданне спяваць і танчыць. Адна з гэтых песняў – "Cuncti simus concanentes" (“Заспяваем разам”).

Альфонс X Мудры (1221–1284)– кароль Кастыліі і Леона, укладальнік і выдаўца зборніка “Las Cantigas de Santa Maria”. Вершы Альфонса Мудрага галоўным чынам прысвечаныя Дзеве Марыі.

У аздабленні альбома выкарыстаныя: фрагмент малюнка “Мадона” (1416) італьянскага мастака Джэнціле да Фабрыяна (Gentile da Fabriano, 1370–1427); фрагмент гравюры “Дудар” (1514) нямецкага мастака Альбрэхта Дзюрэра (Albrecht Dürer, 1471–1528); мапа Вялікага Княства Літоўскага, складзеная ў 1655 годзе французскім гісторыкам і картографам Нікаля Сансонам (Nicolas Sanson, 1600–1667).

Кампазіцыі 3, 4, 5, 7, 8, 9, 11 - "Полацкі сшытак", 16-17 стст.

2. Saltarello. Diomedes Cato
3. Balkano
4. Nuovo
5. Ciupa
6. Eiusdem nationis. Wojciech Dlugoraj
7. Pasterz
8. Sliczna kwiecie
9. Tryton
10. Schöner deutscher dantz. Valentin Bakfark
11. Cantario
12. Totentanz